УРАЎНЕ́ННІ ХІМІ́ЧНЫЯ,

форма запісу рэакцый хімічных пры дапамозе знакаў хімічных, формул хімічных, лікаў і матэм. знакаў. Вызначаюць колькасныя суадносіны паміж зыходнымі рэчывамі і прадуктамі рэакцыі і адлюстроўваюць масы захавання закон.

У левай частцы У.х. запісваюць ф-лы зыходных рэчываў, у правай — прадуктаў рэакцыі; паміж формуламі ставяць знак «+». Абедзве часткі У.х. злучаны знакам роўнасці; колькасць атамаў адных і тых жа хім. элементаў справа і злева ўраўноўваюць пры дапамозе стэхіяметрычных каэфіцыентаў (гл. Стэхіяметрыя), якія запісваюць перад формуламі (напр., У.х. рэакцыі нейтралізацыі; гл. Нейтралізацыя). Левая і правая часткі У.х. могуць быць злучаны стрэлкай, якая паказвае напрамак неабарачальных хім. ператварэнняў, або прамой і адваротнай стрэлкамі у выпадку абарачальных рэакцый. Часам У.х. дапаўняюць інш. характарыстыкамі (напр., паказваюць энтальпію рэакцыі, агрэгатны стан рэчываў).

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)